21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! Матчын дарунак ад самай калыскі, − Ты самацветаў яскравая нізка. Кожны з іх барвы дзівосныя мае, Вечным агнём зіхаціць – не згарае. Ты мне заўсёды была дапамогай, Дзе б і якой не хадзіў я дарогай. Чую ў табе перазвоны крыніцы, Чую ў табе і раскат навальніцы, Чую павевы зялёнага бору, Водгулле працы ў родным прасторы. Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, Кожнае слова вякамі стварана. І на вякі яно жыць застанецца, Вечнае так, як народнае сэрца. Уладзімір Дубоўка.